ІНДУ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1825 у в. Індура Гродзенскага р-на. У 1901—04 да паўн. і паўд. фасадаў прыбудаваны вежы, з усх. боку зроблена прыбудова, якая ўключае трансепт, апсіду і сакрысціі. Асн. аб’ём захаваў пластычнае афармленне пач. 19 ст. Касцёл складаецца з трохнефавага асн. аб’ёму, шырокага трансепта, маленькай паўцыркульнай апсіды з бакавымі прыбудовамі і 2 вежаў, завершаных фігурнымі шлемамі з шатровымі ліхтарамі. Гал. фасад вылучаны магутным 4-калонным порцікам з атыкам і вял. паўцыркульным праёмам. Сцены па ўсім перыметры апяразаны дарычным антаблементам і члянёны пілястрамі. У касцёле 3 алтары ў стылі позняга класіцызму.

В.​Р.​Слюнчанка.

Індурскі Троіцкі касцёл.

т. 7, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)